Дзеепрыметнік
І варыянт
1.На аснове якіх прымет можна сцвярджаць, што слова пажаўцелы з’яўляецца дзеепрыметнікам? а) адказвае на пытанні які? б) абазначае прымету прадмета; в) мае прыстаўку па-; г) абазначае прымету прадмета паводле дзеяння.
2.Адзначце словазлучэнні “дзеепрыметнік + назоўнік”: а) роўненькая дарога; б) казачны домік; в) выраўненая лінія; г) чарнявы хлопчык; д) счарнелая дошка; е) перафарбаваны дом.
3.Абазначце словазлучэнні з галоўным словам дзеепрыметнікам: а) засланы абрусам; б) чыста засланы; в) засланы ложак; г) стомленая жанчына; д) вельмі стомлены; е) пачырванелы ад сораму.
4.Адзначце сказы з
дзеепрыметнымі зваротамі: а) Жанчына стаяла каля
стала, засланага белым абрусам, налівала ў конаўку з вялікага гладыша малако;
б) Гарачыня неміласэрная: куды ні зірні – усё жоўтае, выпаленае сонцам; в)
Цёмныя гмахі камяніц з асветленымі вокнамі загароджвалі далягляд; г) Люблю
хадзіць па ўсланых лісцем дарожках купалаўскага сквера; д) Праз завешанае
коўдрай акно прабіваліся першыя промні сонца.
5.Адзначце сказы, у якіх дзеепрыметныя звароты трэба выдзеліць коскамі: а) На таку ляжала прыкрытае саломай новае жыта; б) Паляна акружаная з усіх бакоў цёмнай сцяной лесу млела ад гарачыні; в) Прасеяныя скрозь іней сонечныя промні нясмела ўсплылі на шырокае крэсла; г) Узрушаны і выведзены з раўнавагі старшыня грозна ўшчувае крыкуноў; д) Дзядзька Пракоп павязаны наўскасяк ручніком вылез з-за стала амаль першым.
6.Адзначце сказы, у якіх дзеепрыметныя звароты выдзелены коскамі правільна: а) Маці выйшла на дарогу, асветленую першымі промнямі сонца; б) Над вершалінамі соснаў, густа пасыпаных мяккім пушыстым снегам вісеў паветраны шар; в) Асіны і вольхі, пераплеценыя знізу, галінамі задумліва глядзяцца ў ціхую ваду; г) За далёкім, засланым сінім туманам лесам высокімі купаламі праглядвалася царква; д) Цішынёй і бязлюддзем веяла ад вуліцы, ахутанай шэрай асенняй смугой.
7.Адзначце сказы, у якіх дапушчаны памылкі ва ўжыванні дзеепрыметных зваротаў: а) Паветра, густа настоенае пахамі зямлі і агарода, навісла над зямлёй; б) Зарослая алея травою давяла мяне да самай агароджы; в) З сумам хлопец праводзіў вачыма нахіленае сонца на захад; г) Нясмела ўставала з-за лесу ахутанае шэраю дымкаю сонца; д) Ціха шалясцелі на ветры высахлыя лісты даўно ўжо.
8.Адзначце словазлучэнні з дзеепрыметнікамі незалежнага стану: а) засеянае з восені поле; б) зарослая травой сцежка; в) на адрамантаванай машыне; г) пасівелыя валасы; д) куплены да свята падарунак.
9.Адзначце дзеепрыметнікі, ад якіх можна ўтварыць кароткую форму: а) прачытаная кніга; б) асірацелыя дзеці; в) парыжэлыя стагі; г) засеянае поле; д) апранутая сукенка.
10.Адзначце пары слоў, у якіх кароткія формы ўтвораны правільна: а) закончанае – закончана; б) напоўненыя – напоўнены; в) адкрыты – адкрыт; г) перапраўленыя – перапраўлена; д) абсталяваная – абсталявана.
11.Адзначце сказы, у якіх ужыты поўныя дзеепрыметнікі: а) За траншэямі блізка пачынаўся негусты, увесь пасечаны алешнік; б) Белыя валокны сонейкам заліты, вольны ім дарогі, сцежкі ім раскрыты; в) Дбайна ўзрошчаныя клёны, сосны, звонкія, як сталь, туга звязаныя ў згоны, без канца плывуць удаль; г) Асветлены і абагрэты сонцам лес пазіраў зусім-такі весела; д) Жыта на полі зжата і звезена, авёс і ячмень сабраны.
12.Адзначце сказы, у якіх дзеепрыметнікі выконваюць сінтаксічную ролю выказніка: а) Над ціхай стомленай вёскай вісіць шчодра зорнае неба і самотны, сарамлівы маладзік; б) Цяпер выходзіла, што шлях той закрыты; в) Мяцеліца сцелецца, кружыць, звонам сцюдзёным наліты прастор; г) Цішынёй і бязлюддзем павеяла ад гарадка, ахутанага асенняй смугой; д) Цяжка трапіць туды ў такую пару: прасёлкавая дарога занесена снегам, машыны з калгаса ходзяць рэдка.
13.Адзначце словазлучэнні, у якіх не з дзеепрыметнікамі патрэбна пісаць разам: а) яшчэ (не) вывучаныя ўрокі; б) (не) разгледжанае пытанне; в) (не) прыкрытая хлусня; г) кашуля (не) зашпілена; д) (не) затаптаныя сляды.
14.Адзначце сказы, у якіх часціцу не з дзеепрыметнікамі трэба пісаць асобна: а) У сціплым цёмным касцюме з белым каўнерыкам, з (не) пакрытай галавой, яна заўсёды спяшалася і знікала за дзвярыма школы; б) І ўжо дарослым чалавекам ён неспакойна спаў у месячную ноч, калі вокны былі добра (не) завешаны; в) Буйныя, душыстыя, пэўна, (не) таптаныя нагой чалавека, узгадаваныя вялікай шчодрасцю прыроды мільёны кветак пераліваліся ўрачыстай чырванню; г) Пры яме ляжалі амаль сатлелыя кроквы, рэшткі зрубаў, было там і некалькі (не) скарыстаных бёрнаў-калод; д) Была вясна, і на градах, яшчэ (не) полатых, было пуставата.
15.Адзначце сказы, у якіх дзеепрыметнік выконвае сінтаксічную ролю азначэння: а) На гэтых садах калышуцца птушкі райскія – пер’е іх як брыльянтамі ўсыпана і дыяментамі; б) Вада нечакана вывела бабра да лагчыны, парослай маладымі кустамі лазняку; в) Па гэтай канаве стары бабёр дайшоў да большай вады з зарослай травою берагамі; г) Магутным артылерыйскім агнём і частымі налётамі авіяцыі разгромлены важнейшыя камунікацыі праціўніка; д) Дарожкай, што ўсыпана баравым пяском і вяла да заставы, паволі ішла старая жанчына.
16.Адзначце сказы, у якіх
ужыты неўласцівыя сучаснай беларускай мове формы дзеепрыметнікаў: а) Як толькі ўспыхнуў агеньчык, з мора пачуўся заглушаемы шумам хваль
працяглы свіст; б) Вецер сціх, і ўгрэтае за дзень паветра, напоенае густымі
пахамі хвоі, навісла шызаватай смугой; в) Дрэмле абсаджанае лесам адвечным,
цінай засланае возера ў лесе; г) Каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман
звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі; д) Чырвонаармеец узяў
сабаку на павадок і паказаў след прайшоўшага з гадзіну таму назад чалавека.
Дзеепрыметнік
ІІ варыянт
1.На аснове якіх прымет можна сцвярджаць, што слова прачытаны з’яўляецца дзеепрыметнікам? а) адказвае на пытанні які? б) абазначае прымету прадмета; в) мае прыстаўку пра-; г) абазначае прымету прадмета паводле дзеяння.
2.Адзначце словазлучэнні “дзеепрыметнік + назоўнік”: а) жаўтаватая фарба; б) пафарбаваны стол; в) пусты пакой; г) апусцелыя палеткі; д) пажаўцелы ліст; е) адрамантаваны тэлевізар.
3.Абазначце словазлучэнні з галоўным словам дзеепрыметнікам: а) напісаная кніга; б) напісаная вядомым пісьменнікам; в) напісаная даўно; г) патрывожаны стукам; д) патрывожаны чалавек; е) пачарнелы ад дажджу.
4.Адзначце сказы з дзеепрыметнымі зваротамі: а) Над вершалінамі хвоі ўгары лёгка слізгаў вышчарблены маладзік месяца; б) Краявіды Пінскага Палесся, залітыя святлом вераснёўскага сонца, захаплялі Лабановіча сваімі неабсяжнымі прасторамі; в) Юзік узяў люстэрка і глядзіцца, зачэсвае валасы, расчэсвае вусы і даўно стрыжаную бараду; г) Раззлаваны зубр надзвычай хуткі і ярасны, можа накінуцца нават на чалавека; д) Там бабёр знайшоў на запруджанай паводкаю канаве многа трыснягу, рагозніку і травы.
5.Адзначце сказы, у якіх дзеепрыметныя звароты трэба выдзеліць коскамі: а) Пясчаны шлях насыпаны ўздоўж чыгункі вядзе ў лес і ў мястэчка; б) Не расшпільваючы кажушка, Рыбак паныла апусціўся на зляжалую ад сырасці салому; в) Думкі закінутыя ў душу Лабановіча нелегальнай брашурай не давалі яму спакою; г) Над Прыпяццю сінее лес, адтуль нясе густым водарам сатканым з пахаў хвоі, прэлай зямлі, грыбоў і багуну; д) Пабітая на калдобіны вуліца ў гэтым месцы як бы разгаліноўваецца, атрымліваецца дзве вуліцы.
6.Адзначце сказы, у якіх дзеепрыметныя звароты выдзелены коскамі правільна: а) Абсаджаная ліпамі з абодвух бакоў, алея вяла да самага будынка; б) Лес, асветлены і абагрэты ранішнім сонцам, пазіраў вельмі весела і прыветна; в) На зямлю ліліся сатканыя са звону срэбных струн, з булькання лясных ручайкоў, з шолаху красак, чароўныя мелодыі; г) З хаты выйшла маці, руплівая, працавітая, заўсёды заклапочаная жанчына; д) Над наваколлем, асветленым ласкавым, шчодрым сонцам паветра аж свіцілася.
7.Адзначце сказы, у якіх дапушчаны памылкі ва ўжыванні дзеепрыметных зваротаў: а) Сонца надоўга застыла, быццам спыненае рукой нечай уладнай; б) Вузкая лясная сцежка, зарослая густой травою, давяла нас да хаты лесніка; в) Абветраныя і патрэсканыя рукі ад цяжкай працы бабуля ў час размовы хавала пад сталом; г) Чакалі сваёй чаргі зжатыя і звезеныя снапы з поля; д) Бацька ніяк не мог пазбыцца сумных дум, навеяных вялікай стратай.
8.Адзначце словазлучэнні з дзеепрыметнікамі залежнага стану: а) прышыты гузік; б) расшпіленая кашуля; в) пажоўклыя дрэвы; г) апалае лісце; д) апрацаваныя палі.
9.Адзначце дзеепрыметнікі, ад якіх нельга ўтварыць кароткую форму: а) раскіданыя рэчы; б) зарослая сцежка; в) пачарнелыя дошкі; г) пафарбаванае крэсла; д) апусцелыя палеткі.
10.Адзначце пары слоў, у якіх кароткія формы ўтвораны правільна: а) прагледжаныя – прагледжаны; б) нарэзанае – нарэзана; в) правераны – праверан; г) узнагароджаная – узнагароджана; д) пераплеценыя – пераплецена
11.Адзначце сказы, у якіх ужыты кароткія дзеепрыметнікі: а) На ўзвышаным месцы за ваколіцай сяла пад старым раскідзістым дубам сядзіць князь; б) Драўлянае крэсла пакрыта дываном; в) Вакол князя стаяць дружыннікі, узброеныя вялікімі коп’ямі, шчытамі і мячамі; г) Князь апрануты ў дарагое адзенне з парчы, на ім шмат жэмчугу і каштоўных камянёў; д) Князь сурова маўчыць, а дабро ўжо складзена, вазы нагружаны.
12.Адзначце сказы, у якіх дзеепрыметнікі выконваюць сінтаксічную ролю выказніка: а) Цягнік, які ішоў на Мінск, быў бітком набіты людзьмі; б) Праведзеныя навуковымі экспедыцыямі раскопкі паказваюць, як жылі і чым займаліся нашы продкі; в) Вялікія вокны друкарні напоўнены яркім святлом; г) Адразу ўражваюць вырабы, вытканыя ці вышытыя рукамі вясковых майстроў; д) Вецер ірваў з застрэшкаў салому, мяшаў з перамерзлым пяском снег.
13.Адзначце словазлучэнні, у якіх не з дзеепрыметнікамі патрэбна пісаць разам: а) абставіны (не) выяснены; б) (не) дапісанае сачыненне; в) (не) дачытаная да канца кніга; г) (не) адпраўленае пісьмо; д) (не) адталая зямля.
14.Адзначце сказы, у якіх часціцу не (ня) з дзеепрыметнікамі трэба пісаць разам: а) Нашы продкі браліся і за зброю, калі трэба было абараняцца ад (не) прошаных ворагаў; б) На дне яра зеленавата-сінімі плямамі пракідаецца зусім свежы, яшчэ (не) пераможаны снегам лядок; в) Густы туман, (не) разагнаны ветрам, слаўся па зямлі белай завесай; г) (Не) вычышчанае возера густа зарасло трыснягом, толькі перад самаю плацінаю быў плёс; д) І (не) чапаная тайга засталася недзе там, за далёкімі краямі.
15.Адзначце сказы, у якіх дзеепрыметнік выконвае сінтаксічную ролю азначэння: а) Рунь на полі гэты год густа, цёмна закусцела, ляжала, як вывернуты калматы кажух; б) Але так зроблена на гэтым свеце, што лес усё чуе, а поле ўсё бачыць; в) Размашыста хімічным алоўкам на лістку напісана, каму грэбці сена, каму падаваць, каму стагі вяршыць; г) А далей, у балотнай лагчыне, парослай алешнікам, яшчэ адну плаціну даўным-даўно паставілі бабры; д) Густа ўслана лісцем крыніца – на цёмным фоне яно глядзіцца вельмі ж хораша.
16.Адзначце сказы, у якіх
ужыты неўласцівыя сучаснай беларускай мове формы дзеепрыметнікаў: а) Непатрывожаная жнівеньская ноч усё кружыла над саламянымі стрэхамі
стоенай вёскі, як зацяты птах; б) Чуўся трэск узрываемых дошак; в) Пуста і
самотна каля анямеўшай хаты; г) Асветлены бяссоннымі ліхтарамі горада, блішчыць
гранітнай чырванню абеліск на брацкай магіле воінаў і партызан; д) Апошнія
хвіліны на зялёным полі палымнелі чырвоныя прамяні заходзячага сонца.
Комментариев нет:
Отправить комментарий